Васіль Пятровіч Вараб'ёў

кандыдат філалагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры медыялогіі, дэкан факультэта журналістыкі БДУ ў 1997-2005 гг.

Вечны Настаўнік

Матэрыял для Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Журналістыка - Медыялогія - Настаўніцтва", прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Б.У. Стральцова (2-3 сакавіка 2026 года, г. Мінск).
Вечны настаўнік… Гэтае словазлучэнне дастаткова шматграннае і не мае дакладна акрэсленых вызначэнняў. Яно трактуецца ў рэлігіязнаўстве, філасофіі, педагогіцы, культуралогіі. У жыцці гэтае паняцце хутчэй асацыіруецца з вобразам і постаццю чалавека, які ўвасабляў святло прафесійных і асобасных талентаў, характэрных рысаў, здзяйсненняў. Са святлом ажыццёўленых мараў і спраў звяраюць крокі, учынкі, памкненні пакаленні выпускнікоў журфака.
Прыцягальным інтэлектуалам застаўся назаўсёды ў летапісе факультэта журналістыкі Барыс Васільевіч Стральцоў.
Творца па жыцці загартаваў прафесійныя кампетэнцыі журналіста у газетным горне раённай і маладзежнай газет, «Звязды». Кандыдацкая дысертацыя ў манаграфічным аздабленні «Газета і мараль» падштурхнула Б.В. Стральцова да настаўніцтва. З 1968 года ён выбіраецца спачатку дацэнтам, затым загадчыкам кафедры. Сейбіт разумнага, добрага, вечнага на чатыры дзесяцігоддзі звязаў свае жыццё з БДУ. Маральныя каштоўнасці, што абараняў Б.В.Стральцоў у журналістыцы і студэнцкім асяроддзі, не выцвілі ад часу ў шматлікіх вучэбных дапаможніках і навуковых артыкулах. Рэфрэнам праз яго навуковую, педагагічную і публіцыстычную дзейнасць праходзіць думка «Журналістыка – гэта лад жыцця». Сучаснасць пацвердзіла трываласць меркавання і для сённяшняга моманту: толькі ў суладдзі з жыццём журналістыка валодае стваральным патэнцыялам.

Ён спаўна рэалізаваў сваю творчую ўвішнасць у доктарскім даследаванні праблем мадыфікацыі прадмета і функцый журналістыкі ў жанравых формах. Стральцоўская сістэма інфармацыйных, аналітычных і мастацка-публіцыстычных жанраў запатрабавана ў акадэмічных колах, сярод журналістаў-практыкаў. Даследаванне на дзесяцігоддзі перажыло Вучонага.

Засталася памяць пра цудоўнага чалавека. Асобу. Прафесіянала. Творцу. Журналіста. Даследчыка. Вучонага. Доктара філалагічных навук. Прафесара. Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь. Асэнсоўваючы гэтыя і іншыя праявы характару таленавітага і руплівага інтэлектуала беларускай зямлі, прыходзіш да ўпэўненага пераканання. Стрыжнем Б.В.Стральцова была і застаецца місія Настаўніка.

Настаўнік журналістаў. У пацвярджэнне гэтага тэзісу паўтару радкі загалоўкаў з газет часу восені 2009 г. «Бывайце, Настаўнік», – напісалі «звяздоўцы». Удзячныя вучні з «Беларускай Нівы» прысягнулі, што будуць помніць «Патрыярха беларускай журналістыкі». «Рэспубліканцы» ўшанавалі высакародным «Бывайце, Майстар!». Журналісты «Народнай газеты» смуткавалі: «Развітанне з Настаўнікам». «У жалобе схіляем галовы...» – заявіла «Настаўніцкая газета». «СБ. Беларусь сегодня» за подпісам «вучні» абвясціла з жыццесцвярджальнай перакананасцю: «Быў, ёсць, будзе» [2].

Маніторынгавы зрэз красамоўна сведчыць пра сардэчнае стаўленне выхаванцаў да неардынарнай асобы. Усе, каго жыццёвыя пуцявіны зводзілі з Б.В. Стральцовым, памятаюць Настаўніка і пасля заканчэння яго зямнога шляху. Праз сорак дзён журналісты газеты «Рэспубліка» паведамілі ў заметцы «Аўдыторыя імя Мэтра» пра адкрыццё на факультэце журналістыкі імянной аўдыторыі знакамітага прафесара [3]. «СБ. Беларусь сегодня» ўшанавала «сарачыны» Настаўніка паведамленнем «Іх імёнамі названы...» [4].
Праз год пасля развітання выйшла-прагучала ў гонар Майстра малітва-рэквіем «Пах месяцовага святла», апублікаваная на старонках «СБ. Беларусь сегодня» Леанідам Екелем. [5] У 2011 г. «Звязда» звярнулася да аўдыторыі з нататкай «Настаўніку было б 85» [6]. Летам 2013 г. «СБ. Беларусь сегодня» сімвалічна нагадвае чытачам «У Хутара доўгая памяць» пра адкрыццё мемарыяльнага барэльефа Б.В. Стральцова на будынку раённай бібліятэкі г. Быхава [7].
Тэматычна-персанальны агляд друку паказвае веліч постаці педагога і раскрывае духоўныя стасункі вучняў і настаўніка. Напамінае пра аксіёму: каб бруіліся празрыстыя крыніцы памяці, вучні мусяць праяўляць сутнаснае чалавекалюбства. Невыпадкова і нездарма ў 2003 г. на старонках «Рэспублікі» ў класічным абразку «Жывыя крыніцы» Барыс Васільевіч па-філасофску заўважыў: «Угледзьцеся ў неба – яго бяздоннасць і бяскрайнасць даюць адчуванне вечнасці. Божухна, якой нікчэмнасцю выглядаюць нашы мітрэнгі і скрухі перад ёю…» [8].

Выпускнікі журфака розных пакаленняў не шкадуюць цёплых слоў, не скупяцца на эмацыянальныя ўспаміны, не абмяжоўваюцца ў слушных развагах рэтраспектыўным «быў». Часцей у настальгічных меркаваннях націскаюць на аптымістычнае «ёсць» – у журналісцкай творчасці кожнага паасобку і рэдакцыйных калектываў. Трывала акцэнтуюць увагу на верагоднасці прымнажэння яго плёну. У шчырых дыскусіях падкрэсліваюць неабходнасць прырашчэння педагагічнага палетку працамі яго вучняў.
Заканамерна, што скарбонка памяці папаўняецца, прырастае з гадамі.
Але гады не дыстанцыруюць, а наадварот, на адлегласці часу даюць мажлівасць рэльефнага бачання плёну самаадданага служэння Настаўніка журналістыцы і журналістам Беларусі. Хада часу выключна праілюстравала старадаўняе выслоўе, што вялікі той настаўнік, які прасякнуты справай, якой вучыць!

Настаўнік даследчыкаў журналістыкі. Даследчыцкая спадчына Б.В.Стральцова багатая і разнастайная па накірунках і праблематыцы. Шматаспектнасць навукова-даследчых інтарэсаў прафесара абумоўлена яго прафесійным крэда: 1) журналістыка – гэта лад жыцця; 2) журналістыку як прафесію магчыма зразумець і набыць адпаведныя кампетэнцыі толькі на штодзённым інфармацыйным канвееры; 3) навучыць журналіста-пачаткоўца кваліфікавана працаваць здольныя толькі журналісты-прафесіяналы; 4) журналістыка – прыкладная навука, яе мэтазгоднасць вызначаецца пошукам новага, эфектыўнага інструментарыя, абгрунтаваннем функцыянальнай дзеяздольнасці СМІ, распрацоўкай «сотавай сувязі» паміж прадметам пазнання рэчаіснасці, метадамі аналізу і адлюстравання, укараненнем у журналісцкую дзейнасць запатрабаваных форм творчага звароту да чытача, гледача, слухача [9].

Аналізуючы інтэграваную канцэпцыю Б.В.Стральцова да адказнай ролі даследчыка, адкрываеш невычэрпную любоў да прафесіі, яго запаветную і ажыццёўленую мару «журналістам звацца бясконца» [10].

Спрычыненасць навукова-даследчага крэда дзеянняў Б.В.Стральцова да жыццёва-прафесійнага сталення асоб яго паслядоўнікаў не выклікае сумненняў.

Увага Настаўніка да працэсу развіцця здольных студэнтаў, падбор, замацаванне іх у даследчай майстэрні грунтаваліся на светапоглядным прынцыпе – наяўнасць абавязковага практычнага журналісцкага вопыту. Пад яго кіраўніцтвам былі абароненыя шматлікія кандыдыцкія дысертацыі. Яны прысвечаны тыпалогіі і творчым метадам функцыянавання студэнцкай прэсы (Васіль Вараб’ёў), спецыфіцы спартыўнай журналістыкі (Анатоль Мяснікоў), прэса-фарміруючаму фактару аграэканамічнага мыслення асобы (Людміла Белякова), эсэісцкаму адлюстраванню рэчаіснасці (Алена Маськова), эстэтычным функцыям афармлення выданняў (Аляксандр Свораб), выхаваўчай ролі малых журналісцкіх формаў (Наталля Фядотава). Шырыня дыяпазону тэм і напрамкаў даследавання поліфункцыянальнай прыроды журналістыкі аб’яднаны асобай кіраўніка. Яго бачанне перспектыў развіцця сродкаў масавай інфармацыі і практыкаарыентаваная мэтазгоднасць навуковага асэнсавання дыктавалі падбор вопытных практыкаў з розных выданняў і фарміраванне беларускай даследчай школы журналістыкі. Пяцёра аспірантаў-замежнікаў, што абаранілі навуковыя працы пад крылом Б.В. Стральцова, характарызуюцца гэтай жа даследчай і функцыянальнай адметнасцю.

Настаўнік жыцця і лёсу. У 1997 годзе Барыс Васільевіч Стральцоў даў згоду і ўзначаліў спецыялізаваны Савет па абароне доктарскіх дысертацый у галіне журналістыкі. Упершыню ў гісторыі журфака з’явілася мажлівасць калектыўнай падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Гэтую магчымасць Б.В. Стральцоў бліскуча рэалізаваў на карысць журфака і журналісцкай навукі Беларусі [11]. Чатыры дактары і дваццаць адзін кандыдат навук, выпеставаныя з рэдактарска-кансультатыўным удзелам Барыса Васільевіча, і сёння вызначаюць даследчы патэнцыял інфармацыйнай галіны ведаў Беларусі.

Каб быць паходняй, трэба свяціць [12]. Ад дадзенага прынцыпу ён не адступаўся ў жыцці ніколі. Гэтым друкаваным зваротам ён заклікаў журналістаў да прафесійнага, кваліфікаванага, творчага ўдасканалення інфармацыйнай прасторы Беларусі. Сваім газетным прыкладам паказваў узоры публіцыстычнага асэнсавання рэчаіснасці, а празаічнымі творамі пракладваў шляхі для дасягнення жаданага майстэрства і маральнага суладдзя з жыццём. Раман «Між крутых берагоў», зборнікі нарысаў і апавяданняў «Дружная рунь», «Наследнік», «Сходзяцца бальшакі і прасёлкі», «Вячэрняя планета», «Метраном памяці», кніга абразкоў «Капуснік, або лад жыцця» – гэтыя творы сваімі назвамі раскрываюць невычэрпную настаўніцкую місію Барыса Васільевіча. У сукупнасці яны ўвасабляюць глыбокі сінкрэтычны сэнс чалавечага гучання. Пры выбары маральных альтэрнатыў можна застацца годным і сумленным, звяраючы праўду жыцця з метраномам памяці.

Паходняй на будзень і свята раяць нам быць прарочыя радкі Барыса Васільевіча: «Я перакананы, што над родам чалавечым раскінута разумная субстанцыя, імя якой – Вышэйшая Справядлівасць [13].
Вечны Настаўнік застаецца верным сваёй місіі і ў апошнім радку… Векапомны Настаўнік!

Бібліяграфічныя спасылкі


  1. Вараб’ёў В.П. Замест прадмовы: журфакаўскі метраном кампетэнтнасці; Патрыярх беларускай журналістыкі. – // Памяць і слава: Барыс Васільевіч Стральцоў. Да 95-годдзя з дня нараджэння / склад. Н.А.Фядотава; рэдкал.: В.М.Самусевіч, Н.А.Фядотава, В.П.Вараб’ёў. – Мінск: БДУ, 2021 – С.4-5; С.147-151.
  2. Звязда. 2009. 20 кастр. С. 2; Беларуская Ніва. 2009. 20 кастр., С. 4; Рэспубліка. 2009. 20 кастр., С. 3; Народная газета. 2009. 20 кастр., С. 7; Настаўніцкая газета. 2009. 20 кастр., С. 3; Сб. Беларусь сегодня. 2009. 20 кастр., С. 8.
  3. Рэспубліка. 2009. 28 ліст. С. 4;
  4. Сб. Беларусь сегодня. 2009. 1 дек. С. 5.
  5. Сб. Беларусь сегодня. 2010. 16 окт. С. 8.
  6. Звязда. 2011. 2 сак. С. 2.
  7. Сб. Беларусь сегодня. 2013. 28 июн. С. 8.
  8. Стральцоў Барыс. Жывыя крыніцы // Рэспубліка. 2003. 28 студз. С. 3.
  9. На шчасце і на бяду, журналістыка – гэта не толькі прафесія, але і лад жыцця // Рэспубліка. 1998. 25 верас. С. 9.
  10. Я, напэўна зноў пайшоў бы па журналісцкаму шляху // Беларускі ўніверсітэт. 1996. 29 ліст. С. 1.
  11. Журфак / Рэдкал.: В. П. Вараб’ёў (адк. рэд.) і інш. Мінск: БДУ, 2004. С. 290–305.
  12. Стральцоў Б. Каб быць паходняй, трэба свяціць // Вдохновение. 2001. 5 мая. С. 6–11.
  13. Стральцоў Б. Повязь // Рэспубліка. 2005. 21 студз. С. 3.
Made on
Tilda