Пётр Леанідавіч Дарашчонак

кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі, дэкан факультэта журналістыкі ў 1996 годзе
Камандзіроўка… у "Звязду"
Барыс Васільевіч Стральцоў падчас нашай вучобы на трэцім курсе даў мне арыгінальнае заданне – камандзіраваў у рэдакцыю “Звязды” да загадчыка грамадскай прыёмнай (была ў 70-я гг. ХХ ст. такая структура ў рэдакцыі) Пятра Казялецкага. Напішы, маўляў, у студэнцкую газету пра вопытнага журналіста з незвычайным лёсам.

Гэта толькі цяпер я, нарэшце, зразумеў, чаму выбар прафесара Стральцова выпаў на мяне. На нашым курсе сярод прыкладна 33 хлапцоў вучыліся два Пятры – ваш пакорны слуга і студэнт з іншай групы – Пётр Мароз. Ён таксама мог атрымаць гэта заданне, але... Зачэпка, канешне, была звязана з іменем Пятро.
Якраз гэта акалічнасць – мы былі са звяздоўцам цёзкамі – “спрацавала” ў Барыса Васільевіча, калі ён вырашыў накіраваць мяне ў рэдакцыю. Гэта ж і дапамагло мне ўзгадаць практычна праз палову стагоддзя, здаецца, назаўсёды забытае прозвішча журналіста.
Дарэмна я спрабаваў адшукаць у сваіх запасніках блакнот, у якім былі запісаны факты з біяграфіі Казялецкага. Іншыя свае блакноты з запісамі гэтага перыяду адшукаў лёгка, але акрамя афарызмаў, крылатых выразаў там нічога не было. Прыйшлося ўжо напярэдадні 100-годдзя Барыса Васільевіча паварушыць мазгамі і спыніцца на адзіна правільным прозвішчы – Казялецкі.

Як жа праходзіла наша сустрэча з цёзкам Пятром Казялецкім у рэдакцыі, якая размяшчалася ў старым Доме друку на Ленінскім праспекце? Я падняўся па цэнтральнай лесвіцы на патрэбны паверх і адшукаў кабінет грамадскай прыёмнай. Злева ад увахода за сталом ля акна сядзеў чалавек, у якога практычна не было ног! Казялецкі расказваў аб тым, як напісаў свой першы допіс у мясцовую газету. Прыгадаў і абставіны, пры якіх ён атрымаў цяжкую траўму. Працаваў у юнацтве на млыне, і адзін з вялізных камянёў, якімі пераціралі зерне ў муку, зваліўся яму на ногі. Ампутацыя, урачы далі інваліднасць, але юнак не скарыўся перад цяжкім жыццёвым выпрабаваннем. Вучыўся ў школе, пісаў заметкі ў газеты і з цягам часу асвоіў прафесію журналіста. Так ён апынуўся у “Звяздзе” і пачаў працаваць з людзьмі, якія імкнуліся дабіцца справядлівасці ці вырашыць нейкія іншыя важныя пытанні з дапамогай друкаванага слова.
Правільнасць узгаданага прозвішча пацвердзілася, калі я “прашарсціў” інтэрнэт. З нейкіх віртуальных глыбінь выплыла старонка газеты “Звязда” за 2014 год з фотаздымкам супрацоўнікаў рэдакцыі, зробленым у 1965 годзе. Сярод калег знаходзіўся і Пятро Казялецкі. На здымку ён сядзіць у першым радзе – другім справа. Густая капна валасоў, упэўнены позірк, адчуванне локця з боку калег. Амаль такім ён заставаўся і праз 11 гадоў, калі Барысу Стральцову прйшла ў галаву нечаканая ідэя – а няхай яго цёзка Пятро Дарашчонак з аўдыторыі былога трохпавярховага корпуса журфака ва ўніверсітэцкім гарадку напіша замалёўку пра сціплага, мужнага чалавека і таленавітага журналіста, які не скарыўся перад няўдзячным лёсам і знайшоў сваё месца ў жыцці.
Made on
Tilda