Віктар Іванавіч Іўчанкаў

доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі, кіраўнік СНДЛ "Медыядаследчык" імя прафесара Б.В. Стральцова
Аўтограф Барыса Васільевіча
Аўтограф Барыса Васільевіча ў кнізе “Чарадзейны туман”, якая пачыналася з абразка “Чым пахне месячное святло”, мяне крыху бянтэжыў. Калі пачытаць сам абразок, то разумееш, што перад табой не проста словы, а сабраныя ў пах начной фіялкі пачуцці да “жанчыны, да якой гарнулася сэрца”, пачуцці сталага чалавека, адкрытага, наіўна пяшчотнага і шчыра закаханага… Які разлічваў на такую ж шчырасць ад жанчыны, што “пры сустрэчы на калідоры неяк загадкава ўсміхалася, а то і быццам бы сарамліва апускала долу вочы”… Стаўлю тут шматкроп’е, за ім цэлая гісторыя.

Калі табе не ля сарака, а ўжо за шэсцьдзесят – ўсё выглядае інакш. І надпіс Барыса Васільевіча, зроблены больш за чвэрць стагоддзя таму, як быццам прымушае азірнуцца, схамянуцца. Абуджае памяць, нітуе ўспаміны ў жыццёвы ланцужок, напоўнены радасцямі і трывогамі, узлётамі і няўдачамі, творчымі ўздымамі і часамі зацішша. 

Віруе мінулае, з якога нічога не выкінеш, у якім нічога не выправіш, а толькі атрымаеш магчымасць умацавацца ў сваіх перакананнях у людскасці ці наадварот…

Мне пашчасціла працаваць разам з Барысам Васільевічам і вучыцца ў яго не ва аўдыторыі, а ў жыццёвых абставінах: у шчырых размовах на кафедры, выступленнях на саветах, на канферэнцыях, падчас таварыскіх сустрэч у кавярнях. Нават рэцэнзаваць яго працы, хаця я добра разумеў, чаму ён давярае мне гэта… каб прачытаў, навучыўся, адолеў напісанае.

Лаўлю сябе на думцы, калі б я быў яго студэнтам, то наўрад ці атрымаў бы такі памятны надпіс…
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website