Шаноўны Барыс Васільевіч!
Я звяртаюся да Вас так, нібы дасылаю свой ліст у іншы горад. Вы дзесьці ёсць, гэта дакладна, а напярэдадні 1 сакавіка, першага вясновага промня я імкнуся ўявіць свет, якім ён быў 100 гадоў таму.
Маладая краіна, вялікія планы, новыя людзі, якія будуюць новае жыццё. I Вы, канешне, нарадзіліся менавіта такім новым чалавекам – яркім, выбітным, пасіянарным.
Васіль Розанаў, Ваш калега па Вечнасці, журналіст, пісьменнік і філосаф, сказаў: “Кожны чалавек павінен сам пра сябе распавесці...” Вы гэта зрабілі выключна, стварыўшы абразкі, “помнік нерукатворны”, незвычайны па глыбіні, па шчырасці.
Вы шанавалі сяброўства, добрае слова, чалавечнасць i цеплыню. Вы заўжды з усмешкай i хітрыкамі ў вачах жартавалі, i на кожны жыццёвы выпадак мелі “ў кішэні” байку, прыказку, прымаўку. Ваш характар i ўнутраны стрыжань былі родам з тых часоў, калі нараджаліся новыя моцныя людзі, якія маглі прайсці самыя цяжкія выпрабаванні i пабудаваць вялікае жыццё.