Таццяна Уладзіміраўна Падаляк

доктар філалагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры медыялогіі
Жыццёвыя жанры Барыса Стральцова
Артыкул упершыню апублікаваны ў часопісе "Беларуская думка", №3, 2021
У гэтым унікальным чалавеку спалучаліся сціпласць інтэлігента і журналісцкая хватка, пісьменніцкая фантазія і даследчая грунтоўнасць, навуковы інсайт і пачуццё гумару. Ніякай ганарыстасці, фанабэрыі, пыхі і апломбу. Хоць мог бы сабе дазволіць – столькі званняў, тытулаў, узнагарод: заслужаны дзеяч культуры, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам літаратуры і мастацтва ў намінацыі «Журналістыка», лаўрэат прэмii Мiжнароднай канфедэрацыi журналiсцкiх саюзаў «За адметны ўклад у развiццё журналiстыкi», выдатнік друку, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь…
Тры постаці аднаго чалавека

Барыс Васільевіч арганічна ўвасабляў у сваёй дзейнасці, у сваёй асобе адразу тры постаці: журналіста-практыка, навукоўца-тэарэтыка і мудрага педагоганастаўніка. Высокапрафесійны журналіст стаў адным з заснавальнікаў тэарэтыка-метадалагічнага напрамку беларускай навуковай школы журналістыкі, унёс значны ўклад у развіццё ўніверсітэцкай падрыхтоўкі нацыянальных журналісцкіх кадраў.

Варта звярнуць увагу яшчэ на адну, лічбавую, трыяду-метафару. 2021 год для Барыса Стральцова тройчы юбілейны. Па-першае, біяграфічна. Па-другое, публіцыстычна: журналісцкія крылы ён удасканальваў у маладзёжнай газеце «Чырвоная змена», якой 21 красавіка споўніцца 100 гадоў. І па-трэцяе, навукова-педагагічна: амаль чатыры дзесяцігоддзі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які 30 кастрычніка таксама будзе святкаваць векавы юбілей.

На творчым рахунку Б. Стральцова навуковыя манаграфii і вучэбна-метадычныя дапаможнікі «Газета і мараль», «Публiцыстычнасць iнфармацыйных жанраў», «Аналiтычныя жанры», «Публiцыстыка. Жанры. Майстэрства», «Фельетон. Теория и практика жанра», «Основы публицистики. Жанры», «Свет и тени», «Асновы лiтаратурна-мастацкай творчасцi», «Асноўныя творчыя метады ў журналiстыцы», «Метад і жанр», іншыя. Асобнымі кнігамі выйшлі яго мастацкiя творы: «Мiж крутых берагоў», «Наследнiк», «Метраном памяцi», «Сыходзяцца бальшакi i прасёлкi», «Вячэрняя планета», «Чарадзейны туман», «Капуснік, або Лад жыцця»…

Для аўтара гэтага артыкула Барыс Васільевіч быў і педагогам-выкладчыкам, і калегам-«звяздоўцам», і калегам у БДУ. У апошнія гады яго працы на журфаку нашы сталы на кафедры (спачатку тэорыі і практыкі сучаснай журналістыкі, а потым сацыялогіі журналістыкі) стаялі побач. Колькі размоў, парад, успамінаў, жартаў…
Метраном памяці

Нарадзіўся Б. Стральцоў 1 сакавіка 1926 года ў вёсцы Хутар Быхаўскага раёна. Пра сябе гаварыў: я з пакалення падлеткаў, якіх жорстка апаліла вайна. Аўтабіяграфічная аповесць «Метраном памяцi» – акурат аб тым часе, аб загінулых сябрах, аб героіцы і жахах першых дзён вайны. Барыс Васільевіч са шкадаваннем расказваў, што ў выдавецтве пакалечылі кнігу, прымусіўшы выключыць трагічныя моманты. Першы варыянт рукапісу захаваўся ў яго асабістым архіве, таму ў кнізе «Капуснік, або Лад жыцця» (2007) апублікаваў фрагменты, выкрасленыя цэнзурай.

Творчая біяграфія Б. Стральцова была не зусім звычайнай. Ён пачаў працаваць у газеце, не маючы вышэйшай адукацыі. Згадваў: «Дзявяты клас заканчваў у Германіі пасля вайны ўжо, быў у складзе «групы акупацыйных войскаў». Спачатку ў школе навучаліся толькі афіцэры: многія з іх не мелі сярэдняй адукацыі. А пасля афіцэры пачалі ад’язджаць, дазволілі старшынам і сяржантам вучыцца. Дзявяты клас скончыў за тры месяцы».
Менавіта ў Германіі вызначыўся яго прафесійны лёс: «Пра журналістыку ніколі не думаў, пісаў вершы, нават цэлая сатырыка-гумарыстычная паэма напісалася пра вайсковае жыццё, хадзіла «ў спісах»... Аднойчы камандзір палка кажа: «Ты ўсё вершы пішаш, а вазьмі ды напішы рэпартаж у газету». Каб я ведаў, што такое рэпартаж!.. Але напісаў (як высветлілася, акурат у рэпартажнай форме). Газета «Советская Армия» Групы акупацыйных войскаў у Германіі яго надрукавала. Ладны «падвал» атрымаўся – і подпіс: сяржант Б. Стральцоў. І салдаты, і афіцэры пачалі на мяне так глядзець... – цяпер на пісьменнікаў так не глядзяць! Ну, і ўпадабаў я гэтую справу, пасылаў у газету розныя матэрыялы».

Дэмабілізаваўся ў 1950-м. Паехаў да мацi ў Бабруйск. Захапiў папку са сваiмi выразкамi: уласныя ж творы! А сусед працаваў у бабруйскай абласной газеце «Савецкая Радзiма» (Бабруйск быў тады абласным цэнтрам), паказаў публiкацыi рэдактару. Праз колькi дзён той запрасіў аўтара ў рэдакцыю: «Цi не хацелi б вы працаваць лiтработнiкам?» А Стральцову пачулася: палiтработнiкам. Здзівіўся. Рэдактар засмяяўся: «Паспрабуйце спачатку лiтработнiкам».
У «Чырвонай змене» – у калгасе і ў газеце

Уладкаваўся карэспандэнтам сельгасаддзела бабруйскай газеты. Адна з першых камандзiровак была ў калгас «Чырвоная змена» Любанскага раёна: адразу траiм калгаснiкам прысвоiлi званне Героя Сацыялiстычнай Працы – старшынi Кузьму Шаплыку, брыгадзiру трактарнай брыгады Рыгору Сушчэню i звеннявой Пелагеi Галай. Столькi часу прайшло, а прозвiшчы помніў дакладна. Тлумачыў: «Гэта ж першыя мае героi! Найцiкавейшыя, я вам скажу, людзi! Яны вырошчвалi кок-сагыз, з гэтай культуры выраблялi гуму».

Журналіст-пачатковец тады і ўявіць не мог, што праз некалькі гадоў ён будзе працаваць у «Чырвонай змене» – толькі не ў калгасе, а ў газеце, у гонар якой калгас назвалі.

Дарэчы, калісьці ў папулярнай рубрыцы «50 пытанняў» газеты «Советская Белоруссия» з’явілася даволі незвычайная публікацыя «Борис Стрельцов: Образ жизни». Інтэрв’ю ў мэтра журналістыкі брала… яго дачка Наталля Стральцова. Вось як з гумарам згадваў прафесар пра адну даўнюю камандзіроўку (СБ, 18.11.2005):
Наталья Борисовна Стрельцова:
Расскажи самый забавный случай из твоей журналистской практики.
Борис Васильевич Стрельцов:
Да их много было. Вот хотя бы этот. Приехал я в Любань писать очерк о людях знаменитого колхоза «Чырвоная змена»… Как водится, зашел в редакцию районной газеты. Редактор просит: «Напиши что-нибудь нам». Я был в игривом настроении и сочинил заметку «Зарыбление Орессы с самолетов». Оресса – это речка в Любанском районе. Сенсация! В номер! Ну я через часок признался, что это розыгрыш. Какое может быть зарыбление с самолетов. Заметку с полосы сняли. Но кто-то из сотрудников успел передать эту информацию в Минск. Что потом было!..
У гэтым увесь Стральцоў!..

Працуючы ў бабруйскай газеце, ён паралельна вучыўся ў 10-м класе вячэрняй школы. Скончыў яе ў 25 гадоў – з сярэбраным медалём. Паступіў на філфак БДУ. Два гады адвучыўся завочна і перавёўся на стацыянар.

Барыс Васільевіч з жартам расказваў: «Паглядзеў: завочна вучыцца – прыблізна тое самае, што завочна снедаць. Перавёўся на стацыянар. Але «чыстым» студэнтам пабыў толькі месяц, рэдактар «Чырвонай змены» Мікалай Дастанка прапанаваў ісці на работу: «Будзеш паўдня студэнтам, паўдня – карэспандэнтам». Пагадзiўся: на той момант ужо была сям’я, нарадзiлася дачка. Во дзiўная рэч: цяпер дзень, здаецца, толькi пачаўся, тое-другое зрабiў – i глядзiш, ужо вечар. А тады ж здавалася: дзень – як год, колькi паспяваў зрабiць!».

Пяць гадоў Барыс Васільевіч працаваў у «Чырвонай змене», потым яго запрасілі ў найстарэйшую беларускую газету «Звязда». Сімвалічна, што з красавіка 2002 года «Чырвоная змена» выходзіць як дадатак да «Звязды».
«Звяздовец» назаўсёды

Б. Стральцоў значыўся загадчыкам мiжнароднага аддзела, а фактычна працаваў у сельгасаддзеле. Згодна са штатным раскладам, у рэдакцыі быў мiжнародны аддзел, але ж усе тагачасныя газеты давалi толькi афiцыйныя матэрыялы пра замежжа. «Затое прыедзеш у камандзiроўку ў калгас, прачытаюць у пасведчаннi пасаду – i такiмi вачамi на цябе пазiраюць!..»

Як ён працаваў? Пра гэта вельмі дакладна расказала літаратурны супрацоўнік рэдакцыі Соф’я Садоўская ў кнізе «Наша "Звязда"», што выйшла да 50-годдзя газеты:
«Прыехаў з камандзіроўкі Барыс Васільевіч Стральцоў і адразу ж сеў за пішучую машынку. У кожнага журналіста свая манера, свой стыль работы. Барыс Стральцоў вызначаецца здольнасцю шырока ахопліваць падзеі, беспамылкова вызначаць у іх самае галоўнае. А той маланкавай хуткасці, з якой ён працуе, зайздросцяць многія журналісты. Лётаюць пальцы па клавішах машынкі, але думкі абганяюць іх. І я ўпэўнена, што вечарам Барыс Стральцоў пакладзе на стол рэдактара нарыс. І гэта будзе глыбокі, пераканаўчы матэрыял, напісаны з сапраўдным мастацкім густам і журналісцкім тактам».
Барыс Васiльевiч быў не толькi журналiстам, але іпісьменнікам, аўтарам рамана, аповесцей, апавяданняў. Але чаму так і не стаў членам Саюза пiсьменнiкаў? Шчыра прызнаваўся:

– З гэтым Саюзам пiсьменнiкаў!.. Яшчэ калi працаваў у «Звяздзе», па прапанове Iвана Навуменкi, Мiхася Стральцова падаў дакументы ў СП. На секцыi прозы мяне абмеркавалi i рэкамендавалi. Потым да мяне даходзяць чуткi, што ў Саюзе пiсьменнiкаў гавораць: прымем яго да нас – не будзе гэтак крытыкаваць. А на той час у «Звяздзе» я працаваў загадчыкам аддзела лiтаратуры i мастацтва – i сам «падкiдваў», i заказваў крытычныя матэрыялы. Ай, думаю, я журналiст, не трэба мне ваш Саюз пiсьменнiкаў. Якая рознiца? Напiсаў раман – выдалi. Сабраў кнiжку апавяданняў – выдалi...
Плённай і натхнёнай была праца ў «Звяздзе». І тым не менш праз 11 гадоў наступіў момант, з якім сутыкаюцца многія вопытныя журналісты-практыкі, – творчая дэпрэсія. Вось як расказваў пра гэта Б. Стральцоў:

 – Гэта трэба было напрацавацца ў газеце, «аб’есціся» ёю. Дэпрэсія звычайна бывае не ў тэхнічных і не ў адміністрацыйных работнікаў, а ў творчых, якія шмат пішуць. Журналіст – гэта ж не пісьменнік, які чакае натхнення. Калі нешта не атрымліваецца, пісьменнік пакладзе рукапіс у стол – паходзіць, з сябрамі пасядзіць... А журналіст увесь час працуе, што называецца, «з-пад капыта»: выпуск газеты не адкладзеш. Бывалі моманты: так напрацуешся, што робіцца страшна садзіцца за стол. Ад адной думкі, што трэба пісаць, – валасы дуба... Працуючы ў «Звяздзе», я ўмудрыўся напісаць і абараніць кандыдацкую дысертацыю – з-за «спартыўнага» азарту. Гаварылі: як гэта цяжка – працуючы, напісаць дысертацыю. Узяў ды і напісаў! У 1969-м перайшоў працаваць на журфак БДУ.

І ўсё ж «звяздоўцам» ён заставаўся ўсё жыццё, да апошняга супрацоўнічаў з газетай. Уладзімір Наркевіч, легендарны рэдактар «Звязды» (узначальваў газету на працягу 23 гадоў, з 1988 па 2011-ы), прыгадваў:
«Старыя звяздоўцы, якія працавалі са Стральцовым больш дзясятка гадоў, заўсёды ўспаміналі яго добрым словам. А ён не забываў «Звязду», ужо прафесарам нават ездзіў ад яе ў камандзіроўкі… Ён заўсёды мог даць любым, як прыхільнікам, так і апанентам, майстар-клас – падмацаваць тэорыю (і ў ёй быў у многім першапраходцам) артыкулам, нарысам, кніжкаю… «Рабі, як я!» гэта за ім не «ржавела».

Але было б вялікай няпраўдай маляваць толькі анёльскі вобраз Барыса Васільевіча. Ён бываў – і нярэдка! – вельмі калючым, нават па-свойму жорсткім чалавекам. Не баяўся, калі трэба, сказаць, што думае, каму б там ні было, незалежна ад пасад ці сяброўскіх адносінаў».
І сапраўды, нельга сказаць, што Стральцоў быў рахманы. Не ўсе прапанаваныя прафесарам абразкі, бываліцы, гумарэскі былі апублікаваныя. Напрыклад, у маім архіве з 2005 года захоўваецца неапублікаванае гумарыстычнае апавяданне «Паслуга навыварат» пад рубрыкай «Бываліца». Такі вось пачатак: «Не будзем акцэнтаваць увагу на тым, якую дакладна пасаду ў міністэрстве займаў Аляксей Сяргеевіч. Высокую! І, зноў жа, якое дакладна тое міністэрства, таксама ў гэтым выпадку не галоўнае…» Прозвішчы не названыя, але ўсё прачытвалася і так. Помню, галоўрэд У. Наркевіч прынёс мне як загадчыку аддзела культуры гэты рукапіс: «Няхай паляжыць у вас». Яшчэ раз перачытала надрукаваную на пазнавальнастральцоўскай пішучай машынцы бываліцу: востра!

Чаму старэнькую пішучую машынку Стральцова ўсе адразу пазнавалі? Таму што некаторыя металічныя клавішы-літары крыху сцёртыя – ад часу і колькасці надрукаваных на ёй прац. Цяпер гэта пішучая машынка захоўваецца ў аўдыторыі № 324 імя Б.В. Стральцова факультэта журналістыкі БДУ.
Журналістыка – гэта лад жыцця: ад практыкі да тэорыі

Самае «стральцоўскае», метафарычнае вызначэнне журналістыкі стала ўжо амаль хрэстаматыйным: журналістыка – гэта лад жыцця.

Апошняя прыжыццёвая кніга прафесара невыпадкова называецца «Капуснік, або Лад жыцця». Гэта вельмі своеасаблівая, арыгінальная і цікавая літаратурная кампазіцыя пра журналістыку, творчасць, лёс. Дарэчы, фірменным жанрам Барыса Стральцова ў апошнія гады жыцця сталі абразкі – арыгінальныя лірычныя навелы, у асяродак якіх закладзены выразны публіцыстычны пачатак. Жыццёвая канкрэтыка (убачанае, пачутае, перажытае самім аўтарам) арганічна спалучаецца з творчым домыслам, пісьменніцкай фантазіяй. Сюжэтная арганізацыя, формы ўвасаблення творчай ідэі розныя – ад мастацкага рэпартажу да іранічна-гумарыстычнага аповеда і іранічнай споведзі.

Аналізуючы навуковую спадчыну прафесара, можна зрабіць выснову, што багаты вопыт практычнай журналісцкай работы дазволіў яму аналізаваць дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі нібыта знутры, далучаць для падмацавання сваіх тэарэтычных палажэнняў і высноў вялікую колькасць канкрэтнага медыяматэрыялу, рэальных фактаў з рэдакцыйнай практыкі, а таксама асабістыя ўражанні журналіста-прафесіянала.

Прафесар Б. Стральцоў грунтоўна займаўся пытаннямі тэорыі журналістыкі ў 1970-х – пачатку 2000-х гадоў. На яго думку, журналістыка – «феномен, які выступае ў неабсяжным шматабліччы», «спецыфічны грамадскі інстытут, які інфармуе, кансалідуе, фарміруе грамадскую думку, займае адметную нішу ў сістэме дзяржаўнага кіраўніцтва; ідэалагічны кангламерат, сцэментаваны (іншым разам цэмент рассыпаецца) з розных палітычных плыняў, напрамкаў, звенняў і ячэек; сфера дзейнасці, у якой працуюць і супрацоўнічаюць як прафесіяналы, так і непрафесіяналы, дзе побач з рэпарцёрам і публіцыстам дзейнічаюць палітык, эканаміст, сацыёлаг, псіхолаг, мастак, камп’ютаршчык-праграміст, празаік і паэт, акцёр і рэжысёр, інжынер і аграном…».

Публіцыстыку (ад лац. publicus – грамадскі) Б.Стральцоў вызначыў як «вышэйшы від грамадска-палітычнай літаратуры». Гэты тэзіс сфармуляваны ў манаграфіі «Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства» (1977). Нягледзячы на тое што прайшло больш як чатыры дзесяцігоддзі з часу выдання кнігі, шэраг яе тэарэтычных палажэнняў і высноў застаюцца сучаснымі і сёння. Публіцыстыка, адно з асноўных палажэнняў савецкай тэорыі журналістыкі, не губляе актуальнасці і ў цяперашні час – хоць, нагадаем, у 1990-я гады гэта паняцце асобныя даследчыкі спрабавалі «скінуць з карабля сучаснасці» як састарэлае. Сённяшнімі навукоўцамі публіцыстыка маркіруецца біпалярна: як галіна літаратуры і як сфера журналістыкі. Практычна ўсе аўтары згодныя з тым, што ёй уласцівая актуальнасць, сацыяльна-палітычная накіраванасць, ацэначнасць, імкненне ўздзейнічаць на грамадскую думку.

Пад кіраўніцтвам прафесара Б. Стральцова беларускімі і замежнымі даследчыкамі абаронены многія дысертацыі. У 1997 годзе ён узначаліў створаны ўпершыню ў гісторыі Беларусі спецыялізаваны савет па абароне доктарскіх дысертацый у галіне журналістыкі.
Пераемнасць пакаленняў

Барыс Васiльевiч доўгi час працаваў загадчыкам кафедры тэорыi i практыкi сучаснай журналiстыкi. Потым адмовiўся ад пасады, перадаў рэй свайму вучню Васiлю Пятровічу Вараб’ёву. Ён тлумачыў гэты крок па-свойму, па-стральцоўску:

– Не аднойчы заўважаў: займае чалавек пасаду, ён выпрацаваў рэсурс, новых iдэй падаць ужо не можа, i ўзрост «падцiскае» – але ён усё роўна ўчэпiста трымаецца за гэтыя «падлакотнiкi». Я нiколi не хацеў быць у такiм становiшчы. Акрамя таго, заўсёды займаўся i лiтаратурнай работай. А што такое загадчык кафедры? Паперы, планы, нарады... Я па натуры не кiраўнiк, а выканаўца. Але выканаўца не чужой волi, а сваёй. Выканаўца сваiх задум i iдэй. А камандаваць... не маё гэта! Тым больш, калi разумееш: прыйдзе малады чалавек, энергiчны, актыўны, iнiцыятыўны, якi можа зрабiць больш, чым ты, – дык навошта карчом сядзець? Васiля Пятровіча Вараб’ёва я добра ведаў яшчэ са студэнцтва, быў навуковым кiраўнiком яго дысертацыi. Угаварыў, каб менавiта ён узяў кафедру.

У 1996–2004 гадах В. Вараб’ёў быў дэканам журфака, узначальваў кафедру сацыялогіі журналістыкі, якая пасля «рэбрэндынгу» стала кафедрай медыялогіі і вэб-журналістыкі. Менавіта па яго ініцыятыве пасля смерці Барыса Васільевіча ў кастрычніку 2009 года на факультэце журналістыкі БДУ адкрылі імянную аўдыторыю прафесара. Штогод 1 сакавіка, у дзень нараджэння мэтра, ладзяцца навуковыя і вучэбна-педагагічныя мерапрыемствы «Урокі Стральцова». У першы веснавы дзень сёлета на факультэце адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Журналістыка – Медыялогія – Настаўніцтва», прысвечаная 95-годдзю доктара філалагічных навук, прафесара Б.В. Стральцова і 100-годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Сёння загадчыкам кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі БДУ з’яўляецца вучаніца Б. Стральцова і В. Вараб’ёва кандыдат філалагічных навук, дацэнт Наталля Аляксандраўна Фядотава: пераемнасць пакаленняў!
Бібліятэка яго імя

Мемарыяльную дошку ўраджэнцу Быхаўшчыны Барысу Васільевічу Стральцову ўрачыста адкрылі ў 2013 годзе, у час правядзення ХХ юбілейнага Дня беларускага пісьменства, – на будынку раённага цэнтра культуры. Яго імя прысвоена Быхаўскай раённай цэнтральнай бібліятэцы.

У кнізе «Журналістыка ў суладдзі з жыццём», што выйшла ў 2016 годзе да 90-годдзя прафесара, змешчаны артыкул вучня Б. Стральцова, выпускніка журфака БДУ, цяперашняга намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Кунцэвіча. Там згадваюцца цікавыя дэталі і падрабязнасці ўшанавання памяці патрыярха беларускай журналістыкі. Да свята беларускага пісьменства ўстанавілі скульптурную кампазіцыю «Сустрэча». Трапяткая сцэна – маладая дзяўчына пяшчотна абняла юнака, у руках якога стос любімых кніг: Багдановіч, Быкаў, Караткевіч, Стральцоў… «Хтосьці скажа, што апошняга ўключылі хутчэй па-зямляцку, аднак, думаю, з гэтым не пагодзяцца многія прыхільнікі літаратурнай творчасці Барыса Стральцова, яго шматлікія вучні-журналісты».

Мала хто ведае, што Дзень беларускага пісьменства – 2013 мог адбыцца зусім не ў Быхаўскім раёне, на радзіме Барыса Васільевіча. «Добра памятаю тую нараду ў Магілёўскім аблвыканкаме, на якой канчаткова вызначалася сталіца будучага свята. Прапаноўваліся іншыя райцэнтры вобласці, на падрыхтоўку якіх спатрэбілася б менш выдаткаў і часу. Ішлі гарачыя спрэчкі. Аднак пераважыў Быхаў. Чаму? Таму што там ствараўся ўнікальны Баркалабаўскі летапіс! Таму што там нарадзіўся майстар беларускага нарыса Барыс Стральцоў!»

У майстэрні магілёўскага скульптара Андрэя Вараб’ёва, калі працавалі над мемарыяльнай дошкай пісьменніку-земляку, доўга шукалі патрэбны вобраз. Чым аздобіць барэльеф? Праз што раскрыць яго Асобу, яго Талент? Спыніліся на вобразе вясковай дарогі, што вядзе да бацькоўскай хаты, гэтых родных «бальшакоў і прасёлкаў». Цяпер кожнага наведвальніка раённага Дома культуры, дзе месціцца і мясцовая бібліятэка, сустракае бронзавая выява Барыса Васільевіча Стральцова. Добры твар з лёгкай усмешкай...

Колькі вучняў узгадаваў за многія гады Барыс Васільевіч, цяжка падлічыць. Але кожны з іх выдатна засвоіў самы любімы афарызм прафесара Стральцова: добра піша той, хто добра думае.
Фота Анатоля Клешчука і з архіва факультэта журналістыкі БДУ.
Made on
Tilda