Святлана Вячаславаўна Харытонава

доктар філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі
Кажуць, на журфаку вучацца пісаць. Насамрэч ён вучыць слухаць…
Кажуць, на журфаку вучацца пісаць. Насамрэч ён вучыць слухаць…

Маскоўская, пяты паверх, чацвёртая пара.

Я памятаю нашу цесную аўдыторыю з вузкімі праходамі нагрувашчаных парт і нас – дваццацігадовых "акул пяра", якія прагнуць вырвацца з задухі на волю.

Мы былі ўпэўненыя, што сумная тэорыя жанраў пачакае, бо жыццё віравала за парогам журфака. У першых нясмелых спатканнях, на шумных вечарынках, у гулкіх калідорах інтэрната, дзе мы, не ведаючы правіл, азартна спрабавалі гэты свет на густ.

А перад намі стаяў Барыс Васільевіч і цярпліва спрабаваў укласці ў юныя бязглуздыя галовы сутнасць жанру і метаду ў журналістыцы. Прафесар не чытаў па паперцы, ён настойліва і беражліва ажыўляў тэорыю жанраў праз шчырыя дэталі ўласнай творчасці.
Ён ніколі не прыкрыкваў на нас, але ўмеў напоўніць словы такой абуранай сілай, што цішыня ў аўдыторыі станавілася амаль адчувальнай
Мы заціхалі на імгненне, а потым зноў ныралі ў сваю мітусню, незаслужана пакідаючы стральцоўскія навучанні ў цені сваёй увагі. Затое мы любілі яго байкі – тыя "лірычныя адступленні", у якіх за лагодным поглядам Барыса Васільевіча адкрывалася закуліссе вялікай газеты і яго асабісты шлях журналіста.

Мінулі гады. Але кожны раз, калі я чую пра жанры, у маёй памяці нязменна ажывае яго голас. Аказалася, што ўсё, сказанае Барысам Васільевічам пад наш нецярплівы шэпт, стала галоўным творчым багажом журфакаўцаў, каштоўнасць якога па-сапраўднаму ўсведамляеш толькі праз гады.

Мы любілі яго. Але не ўмелі быць удзячнымі своечасова. Наіўна верылі, што ён будзе стаяць перад аўдыторыяй заўсёды, і мы яшчэ сотні разоў паспеем яго распытаць.
Калі б я магла вярнуцца ў тую аўдыторыю на 20 гадоў таму, то села б на першую парту і пакінула б усе дзявочыя запіскі і клопаты на потым…
Made on
Tilda