Наталля Вячаславаўна Саянава

старшы выкладчык кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі
Чыстая нота
Кожнаму нават даросламу чалавеку, нават выкладчыку, - а можа, асабліва выкладчыку, - неабходны пэўны маральны камертон. Тое, з чым звяраеш час ад часу ўласныя думкі, прынцыпы, паводзіны: жыццёвыя, творчыя, прафесіянальныя.

Барыс Васільевіч, пэўна б, не пагадзіўся з такім высокім азначэннем - як чалавек сціплы і інтэлігентны, што не любіў залішніх, хай себе і заслужаных, кампліментаў.
Але, упэўнена, менавіта гэтым камертонам ён быў і застаецца не для аднаго пакалення выпускнікоў факультэта, якія працуюць зараз на журфаку і ў рэдакцыях.
Для мяне на факультэце менавіта яго постаць увасабляе годныя і высокія асабістыя і журналісцкія якасці
Ён памятаецца мне чалавекам шырокай эрудыцыі, цікаўнасці да жыцця ў розных яго праявах, любові да беларускага мілагучнага слова, трапнага і лірычнага адначасова, - а яшчэ заўсёды чалавекам шчырай душы, імкнення дапамагчы кожнаму таленавітаму маладзейшаму, каму пашчасціла сустрэць яго на пачатку жыццёвага шляху. Адораным узнагародамі і рэгаліямі прафесарам, які ніколі не страчваў павагі і ветлівасці да ўсіх, нават значна больш сціплых і ў ведах, і ў жыццёвым вопыце.

Мне падаецца, жыццёвым крэда Барыса Васільевіча было слова "ствараць" - навуковы падмурак для беларускай школы журналістыкі, базу грунтоўных ведаў і практычных навыкаў для будучых рэпарцёраў і публіцыстаў, ствараць і сцвярджаць пачуццё захаплення прыгажосцю і мудрасцю света для сваіх чытачоў, асабліва ў філасофскіх абразках апошніх гадоў.

Спадзяюся, тое, што было закладзена прафесарам Стральцовым: высокароднасць думак, словаў і ўчынкаў, унутраная выхаванасць і тактоўнасць, далікатнасць у паводзінах - але разам з тым заўсёдная прынцыповасць мыслення, навуковая дасведчанасць, імкненне шчодра дзяліцца сваімі сапраўды энцыклапедычнымі ведамі, - будзе працягвацца на журфаку і далей.

Камертон гучыць не заўсёды громка, але заўсёды чыста.

Дзякуй Настаўніку за правільную ноту.
Made on
Tilda